На рыбалку да баброў ("Голас Любаншчыны", 29 верасня 2012 г.)

На базе адпачынку і рыбалкі “Бабровая хатка”, што ўсяго ў дзесяці кіламетрах ад райцэнтра, за апошні год адбыліся станоўчыя змены.

Намеснік дырэктара ПУП “Слівец і К” Мікалай Брагінец паведаміў, што за апошні год фірма атрымала праектна-каштарысную дакументацыю па першым і другім этапе будаўніцтва базы. Унітарнае прадпрыемства “Дзяржбудэкспертыза” па Мінскай вобласці  правяло дзве эксертызы, а Мінскі абласны камітэт прыроды і абароны акаляючага асяроддзя – яшчэ і экалагічную. У выніку быў атрыманы дазвол на будову менавіта базы адпачынку.

Зараз на тэрыторыі яе ўзводзяцца лазня і два домікі. Таксама закладзены фундамент пад трэці двухпавярховы гасцявы дом. Там адначасова змогуць размясціцца 24 чалавекі.

Па словах дырэктара прадпрыемства Віталя Сліўца, у гэтым годзе ён скончыў афармленне зямельных участкаў, адведзеных пад “Бабровую хатку”. Мінаблвыканкам дазволіў узяць у арэнду на 50 гадоў землі плошчай у 3 га. Наперадзе разгляд пытання пра абмежаваны праезд праз тэрыторыю базы.

Нягледзячы на тое, што праект уводзяць у дзеянне паэтапна, попытам ён карыстаецца з першых дзён. Больш за ўсё гасцям падабаецца адпачываць на прыродзе, рыбачыць і праводзіць карпаратывы. Магчымы тут і дайвінг. У сярэднім штодзень, пачынаючы з красавіка бягучага года, базу наведваюць па 5 рыбакоў. На выхадных – да 70 чалавек, за паўгода пабывала да 5 тысяч. Прычым гэта не толькі любанчане, але і жыхары Салігорскага, Слуцкага, Мінскага раёнаў. Падабаюцца паслугі “Бабровай” і латышам, расіянам, украінцам.

Каб рыбалка была  паспяховай, у верасні ўсе тры вадаёмы зарыбілі дзвюма тонамі карпа вагой ад аднаго кілаграма да дзесяці. Больш таго, там  падраслі самы.

На асенне-зімовы перыяд наведванне трэцяга вадаёма застанецца па-ранеёшаму бясплатным. Калі вадаёмы зацягне бяспечны лёд, на іх распачнецца зімовая рыбалка. А яна часам бывае яшчэ больш улоўнай, чым летняя.

Нагадаю, што трэці этап узвядзення базы адпачынку і рыбалоўства “Бабровая хатка” ў 2013-2014 гадах па інвестыцыйным дагаворы прадугледжвае будаўніцтва адміністрацыйна-гасцінічнага комплексу на 20 жылых пакояў, кафэ і кемпінгу.

Вольга КАСПЯРОВІЧ.

Фота Віктара ПАДУТЫ.

 

Каталог TUT.BY Rating All.BY